Tags: гісторыя Старта

ССФ

Генадзь Кітаёў: мы са стрыечным братам Валодзем былі па-спартоваму больш злымі за Колю

Кітаёў — адно з самых футбольных прозьвішчаў у аршанскім нагамячы. Чацьвёра Кітаёвых выступалі за нашу каманду ў чэмпіянатах Беларусі цягам усёй гісторыі. Генадзь Кітаёў за сваю нядоўгую кар’еру пасьпеў запомніцца заўзятарам ня толькі ў футболе, але таксама ў хакеях зь мячом і шайбай. Ён прыгадаў для Orshafans, якія былі 80-я для «Старту» і «Тэмпу», як у Воршы пачынаўся хакей з шайбай і якія матчы асабліва запомніліся.

Я нарадзіўся ў Воршы ў 1962 годзе ў раёне Лёнакамбінату, як і ўсіх дзяцей таго пэрыяду, мяне «выхоўвала вуліца». Мы любілі спартовыя гульні, праводзілі ўвесь час у дварах — да позьняе ночы ганялі мячык і шайбу. На стадыёне Лёнакамбінату залівалі лёд — адзін з найлепшых у Беларусі. Да стадыёна мне якраз было мэтраў 200. Футболам я прыйшоў займацца гадоў у 12–13 — нават параўнальна позна для пачатку заняткаў. У маім доме жыў трэнэр Зімін.


Генадзь Кітаёў


Акрамя таго, мы займаліся на «скрыні» «Чырвонага барацьбіта», зробленай на месцы ўзарванага храму на беразе Аршыцы — мы гулялі там у хакей, а пераапраналіся ў ацалелым будынку манастыра. Гэта было недзе ў 1974—1976 гг. Вячаслаў Вахрушаў тады прыйшоў маладым трэнэрам і стаў набіраць каманду. Барты на пляцоўцы былі старыя, напэўна, нават асфальту тады не было на гэтым месцы. Да разьдзявальні ў падвальным памяшканьні манастыра трэба было ісьці мэтраў 200. Вячаслаў Іванавіч быў майстрам: умеў і пачыніць, і зрабіць нешта, мы ў яго вучыліся ня толькі хакею. А побач са стадыёнам «Лякаматыў» якраз была салідная «скрыня». Штогод праводзіліся пяршынствы Воршы сярод школьнікаў.

Перада мной тады паўстала складаная дылема — я ўжо ня мог жыць як без хакею, так і без футболу. Трэнэры сустрэліся і вырашылі паміж сабой, што ўлетку я займаюся футболам, а ўзімку хакеем. Так і было, пакуль у школе вучыўся. Я езьдзіў на спартакіяды па абодвух відах ад зборнай Віцебскай вобласьці.

Collapse )
Малы са стэндарда

Старт (Ворша) — Белшына (Бабруйск). Анонс

СЫТУАЦЫЯ НАПЯРЭДАДНІ
У мінулым туры аршанцы сустракаліся з камандай, якая паднялася ў І лігу з ІІ, а цяпер сустрэнуцца з калектывам, які, наадварот, выляцеў з Найвышэйшай. Сіня-белыя пасьля сумнай сэрыі ў 4 паразы запар пачалі набіраць пункты — спачатку нічыя зь «Лідай», затым перамога над «Баранавічамі», што дазволіла аршанцам сысьці з перадапошняга, 11-га месца і падняцца на 10-е. Трэба працягваць уздымацца вышэй, але дзеля гэтага неабходна перамагчы бабруйскую «Белшыну». Ці ўдасца скончыць хатнюю трохматчавую сэрыю без паразаў — пабачым 6 чэрвеня. Бабруйчане, дарэчы, пачалі чэмпіянат ня надта ўдала як для фаварыта ў барацьбе за пуцёўку ў эліту. Толькі 3 перамогі ў стартавых 8 матчах і 6-я пазыцыя з 4 пунктамі перавагі над «Стартам».


ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
Адзін з самых нязручных супернікаў у гісторыі стартаўцаў, бабруйчане нярэдка перамагалі сіня-белых з буйным лікам. Гэтак было і 35 год таму, калі «Шыньнік» разграміў супернікаў у Воршы 4:0. Матч праводзілі на наступны дзень пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, але з-за злачыннай палітыкі савецкай улады жыхары СССР яшчэ ня ведалі пра трагедыю, тым больш у Воршы, да якой толькі даходзілі першыя чуткі пра аварыю. Даходзілі, і падаваліся тады нерэальнымі.


ЯК БЫЛО?
Каманды Воршы і Бабруйску маюць амаль стагодзьдзе супрацьстаяньня паміж сабой — 95 гадоў таму адбылася першая вядомая з пісьмовых крыніц сустрэча. Тады зборныя гарадоў сустрэліся ў фінале першага неафіцыйнага чэмпіянату Беларусі (БССР) ў Менску, і бабруйчане забілі аршанцам два мячы без адказу, стаўшы чэмпіёнамі.


У далейшым Бабруйск у чэмпіянатах краіны прадстаўлялі розныя каманды — «Спартак», Фабрыка ім. Халтурына, Дом афіцэраў, «Старт», «Дзяржынец», «Бярэзіна», «Мэбэльшчык», «Будаўнік», «Трактар», «Фандок». З большасьцю сустракаліся і аршанскія дружыны, у тым ліку «Старт».


«Спартак» (Бабруйск) у 50-я гг. ХХ ст., папярэднік шыньнікаў


Клюбы, якія зараз прадстаўляюць Воршу і Бабруйск, былі заснаваныя значна пазьней — «Старт» у 1951, а «Белшына» ў 1976 годзе. Аднак няглядзячы на свой больш малады век, «шыньнікі» дамагліся сур’ёзнейшых за аршанцаў посьпехаў на беларускай футбольнай арэне: яны двойчы станавіліся чэмпіёнамі БССР, двойчы бралі срэбраныя мэдалі, заваёўвалі Кубак БССР і Кубак сэзону, а вось «швейнікі» ў чэмпіянаце дабіраліся толькі да 4 месца і аднойчы былі фіналістамі Кубку.


Зусім іншая сытуацыя была ў хакеі зь мячом, дзе Ворша і Бабруйск некалькі дзесяцігодзьдзяў задавалі тон і моду ва ўсёй Беларусі — там часьцей перамагалі якраз аршанцы. Але гэта, як той казаў, зусім іншая гісторыя.


Дзеля зручнасьці назву бабруйскай каманды ў пераліку футбольных паядынкаў пішам актуальную на год сустрэчы, а ў аршанцаў нязьменна «Старт». Кубкавы матч 1996 году, прагуляны аршанцамі па пэнальці, улічваецца, як і заўсёды ў матчавай статыстыцы, за нічыю, бо такім вынік быў у асноўны час.


Балянс супрацьстаяньня «Старт» — «Белшына»: 20 матчаў, +3 =5 -12, 17–46
1977 Шыньнік — Старт — 3:0
1977 Старт — Шыньнік — 0:0
1979 Старт — Шыньнік — 1:1
1979 Шыньнік — Старт — 0:0
1983 Шыньнік — Старт — 3:0
1984 Старт — Шыньнік — 2:1
1984 Шыньнік — Старт — 1:2
1985 Старт — Шыннік — 1:1
1985 Шыньнік — Старт — 7:4
1986 Старт — Шыньнік — 0:4
1986 Шыньнік — Старт — 3:1
1996 Старт — Белшына — 0:0
2005 Белшына — Старт — 3:0
2005 Старт — Белшына — 1:3
2017 Старт — Белшына — 0:1
2017 Белшына — Старт — 3:1
2018 Белшына — Старт — 2:1
2018 Старт — Белшына — 2:1
2019 Белшына — Старт — 5:0
2019 Старт — Белшына — 1:4



ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча прызначана на 12 чэрвеня. Яна пройдзе на Мескім стадыёне ў Воршы і пачнецца, а 19-й гадзіне.
Старт Старт Старт

Старт (Ворша) — Баранавічы. Анонс 8 туру

СЫТУАЦЫЯ НАПЯРЭДАДНІ
Аршанцы правялі неблагі матч чэмпіянату зь «Лідай», згуляўшы ўнічыю, а затым разграмілі «Капыль» у Кубку краіны, выйшаўшы далей на «Гомель». Таму маральны стан аршанцаў палепшыўся ў параўнаньні з тым, што было дагэтуль. Цяпер «Старт» дзеліць перадапошні радок з «Нафтанам» і «Слонімам». А вось «Баранавічы» да І лігі, відаць, не гатовыя. Каманда летась гуляла на лігу ніжэй, а вярнулася пасьля розных пэрыпэтый і зноў асела ў скляпеньнях — толькі адна нічыя пры 6 паразах. Відавочна, што ў бліжэйшым матчы, да таго ж хатнім, аршанцам недаравальна будзе страціць пункты. У складзе чырвона-сініх адзін футбаліст раней гуляў за «Старт» — гэта запасны брамнік гасьцей Алег Галамака.


ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
Папярэдні раз аршанцы сустракаліся з чырвона-сінімі ў 2019 годзе, перад «высылкай» суперніка ў ІІ лігу. Тады на сваім полі сіня-белыя ня ўскрылі абарону суперніка — 0:0, лік, нярэдкі для гэтага супрацьстаяньня, затое ў гасьцях перамаглі дзякуючы галам Александровіча і Зямко на 1-й і 7-й хвілінах адпаведна.
Недахоп некаторых статыстычных дадзеных не дазваляе нам сказаць з поўнай упэўненасьцю, але найімаверней, найлепшым галеадорам «Старту» ў паядынках з «Баранавічамі» за ўсю гісторыю зьяўляецца Аляксандар Шалатонін — ён забіў у гэтым сустрэчах мінімум 5 галоў.


ЯК БЫЛО?
Аршанскі «Старт» і «Баранавічы» — вельмі старыя супернікі, яны шматразова сустракаліся паміж сабой у чэмпіянатах Беларусі яшчэ з 50-х гадоў, а ўпершыню ажно ў 1952 годзе! Тады аршанская каманда называлася «Працай», а баранавіцкая «Харчавіком». Для зручнасьці ў пераліку паядынкаў мы пазначаем баранавіцкую дружыну тагачаснымі назвамі, а сіня-белых усюды падпісваем «Стартам».



Балянс супрацьстаяньня «Старт» — «Баранавічы»: 38 матчаў, +16 =12 −10 , 47-43
1952 Харчавік — Старт — 2:0
1952 Харчавік — Старт — 4:0
1966 Старт — Тэкстыльшчык — 2:0
1966 Тэкстыльшчык — Старт — 1:1
1969 Тэкстыльшчык — Старт — 1:3
1969 Старт — Тэкстыльшчык — 0:0
1973 Лякаматыў — Старт — 3:2
1973 Старт — Лякаматыў — 3:1
1975 Старт — Лякаматыў — 1:1
1975 Лякаматыў — Старт — 0:1
1976 Лякаматыў — Старт — 1:1
1976 Старт — Лякаматыў — 1:1
1977 Старт — Лякаматыў — 2:0
1977 Лякаматыў — Старт — 1:2
1978 Лякаматыў — Старт — 1:3
1978 Старт — Лякаматыў — 1:0
1982 Лякаматыў — Старт — 1:1
1982 Старт — Лякаматыў — 3:0
1993/94 Старт — Мэтапол — 3:1
1993/94 Мэтапол — Старт — 2:0
2005 Старт — Баранавічы — 1:3
2005 Баранавічы — Старт — 6:1
2012 Баранавічы — Старт — 0:0
2012 Старт — Баранавічы — 1:0
2013 Старт — Баранавічы — 1:2
2013 Баранавічы — Старт — 1:0
2014 Баранавічы — Старт — 1:2
2014 Старт — Баранавічы — 1:1
2015 Баранавічы — Старт — 5:1
2015 Старт — Баранавічы — 0:0
2016 Баранавічы — Старт — 0:1
2016 Старт — Баранавічы — 3:1
2017 Старт — Баранавічы — 0:0
2017 Баранавічы — Старт — 1:1
2018 Баранавічы — Старт — 0:1
2018 Старт — Баранавічы — 1:3
2019 Старт — Баранавічы — 0:0
2019 Баранавічы — Старт — 0:2



ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Паядынак пройдзе ў нядзелю, 6 чэрвеня, на аршанскім цэнтральным стадыёне. Старт сустрэчы а 16-й гадзіне.
Фота каманды 1999

Леанід Барэйша пра спонсараў "Старту" ("Воршы") падчас свайго трэнэрства ў 90-я

Сур'ёзную дапамогу ў самы няпросты час надавала пажарная ахова — калі не памыляюся, 8 чалавек з каманды працавалі ў іх, зарплата была добрая. Частка каманды былі студэнты, а 4 чалавекі працавалі на "Легмашы". Потым пачаўся сыр-бор, дырэктар заводу захацеў скараціць футбалістаў, я прапанаваў скараціць мяне, маўляў, працу я новую знайду, пакіньце хлопцаў. А я і знайшоў, адправіўся працаваць у "Максім", які тады выступіў асноўным спонсарам. Але дырэктар "Легмашу" заўпарціўся, і празь нейкі час футбалістаў з заводу звольнілі.


Радыё Аршыца

Леанід Барэйша пра пераход пакаленьняў

Выдатна атрымалася ў нас у хакеі зь мячом асабліва. Гэта дазваляла шмат гадоў трымацца на высокім узроўні і перамагаць у чэмпіянатах Беларусі і іншых турнірах. Генэрацыя ішла за генэрацыяй. Спачатку пляяда Галубовіча-Нікіфарава, потым мы, затым Позіны — бацька, затым сын. Прыйшла новая кагорта, сувязь не перарывалася ўвесь час, пакуль у Воршы актыўна гулялі ў хакей зь мячом.
Ультрас ФКО 1951

Сяргей Лагутка пра Воршу: заўзятары несьлі мяне на руках!

А вы ведалі, што за ФКО гуляў найлепшы снайпэр за ўсю гісторыю чэмпіянатаў Беларусі ў міні-футболе? А гэта так. 532 мячы ў 304 матчах! Найбліжэйшы пасьлядоўнік адстае амаль на 200 выніковых удараў, што робіць рэкорд Сяргея Лагуткі ледзь ня вечным. Складана нават уявіць, што нехта здолее забіць, як ён, болей за паўтысячы мячоў! 5-разовы найлепшы снайпэр чэмпіянатаў краіны, які мноства галоў забіў са штрафных. Ды і за адзін чэмпіянат забіць 73 мячы таксама наўрад ці каму ўдасца.



Мянчук Лагутка выступаў за стартаўцаў (тады «Максім-Ворша») толькі частку сэзону-1994/95, але ўсяго за 9 матчаў, праведзеных у кашулі машынабудаўнікоў, нападнік забіў 11 галоў! Гэта клюбны рэкорд, а менавіта — найменьшая колькасьць гульняў, якія спатрэбіліся футбалісту, каб забіць болей за 10 галоў у складзе «Старту». Вельмі шкада для нас, што затым Лагутка вырашыў вярнуцца ў больш звыклы для сябе міні-футбол.

Летась Сяргей Мар’янавіч адсьвяткаваў 50-гадовы юбілей. А ў красавіку ў інтэрвію «Прессболу» згадаў і Воршу:




«У „Зьмену-Сатурн“ пасьля аршанскай каманды „Максім-Ворша“ мяне парэкамэндаваў Уладзімер Завадзкі. Гэта было ў 1995 годзе. Трэнэрам у Піцеры працаваў Леанід Астравушка. Я прайшоў зборы, і мяне пакінулі. Аднак неўзабаве па фінансавых прычынах клюб распаўся. А ў Воршы быў і зусім цікавы эпізод. Адзін з матчаў мы выгулялі зь лікам 7:2. Я з камандай толкам і не трэніраваўся — толькі прыехаў. І забіў пяць мячоў (насамрэч 4 — у гасьцявым матчы са „Зьменай“ у Менску — заўв.Радыё Аршыца). Мяне заўзятары ў прамым сэньсе несьлі на руках! Тады яшчэ бацькі Міхалыча (Уладзімера Завадзкага. — „ПБ“) нас прымалі ў сваім доме і кармілі баршчом».
Брама стадыёна

50 год матчу «Старту» з вэтэранамі маскоўскага футболу

4 траўня 50 год таму (1971) на цэнтральным стадыёне Воршы наш «Старт» правёў таварыскі паядынак са зборнай вэтэранаў Масквы. Варта сказаць, што вэтэраны былі пераважна зь людзей, якія незадоўга да гэтага скончылі кар’еру, таму з улікам іх узроўню, удзелаў у чэмпіянатах сьвету, Эўропы і СССР аршанцам супрацьстаяла вельмі моцная каманда заслужаных майстроў спорту і майстроў спорту. Судзіў сустрэчу менскі арбітар Сігізмунд Лысакоўскі. Матч прывабіў на стадыён тысячы аршанцаў — многім не дасталося квіткоў, і яны глядзелі сустрэчу з навакольных дрэваў, з-за плоту ды іншымі спосабамі! У Воршу прыехалі такія зоркі савецкага футболу як Кесараў, Крыжэўскі, Хоміч, Стральцоў, Цароў, Маслачэнка, Дзяменьцьеў, Івакін і іншыя. Некаторыя масквічы, як Хоміч, мелі і сувязь зь Беларусьсю — у нашым краі славуты брамнік доўга выступаў за менскае «Дынама». У аршанцаў у матчы згулялі двое брамнікаў, Дробышаў і Рублеўскі.



Аршанскія стартаўцы перад матчам з масквічамі


Спартовае і партыйнае кіраўніцтва Воршы паступіла несправядліва да гульцоў «Старту» — іх нават не запрасілі на банкет пасьля матчу, таму паразмаўляць зь легендамі савецкага футболу стартаўцы пасьпелі толькі на стадыёне. На той сустрэчы, дзе, паводле «Физкультурника Белоруссии», маскоўскія гульцы адказвалі на пытаньні, не было нікога, апрача партыйных работнікаў і некаторых набліжаных да іх асоб. Сам матч скончыўся перамогай «Старту» 3:2! Галы: 1:0 — Барэйша (20), 1:1 — Стральцоў (50), 2:1 — Барэйша (65), 3:1 — Галубовіч (75), 3:2 — Рабаў (80).



Брамнікі Анатоль Дробышаў (Ворша) і Аляксей Хоміч (Масква)




Аляксей Хоміч у гульні




Праз імгненьне Леанід Барэйша заб'е адзін зь мячоў у браму масквічоў




Барэйша ў верхавой барацьбе атакуе браму гасьцей, на заднім пляне можна заўважыць гледачоў, якіх у гэты дзень у Воршы было некалькі тысяч




Хоміч забірае мяч пасьля ўдару аршанцаў




Артыкул пра матч у газэце «Физкультурник Белоруссии»


Праз шэсьць гадоў, у 1977-м, адбудзецца яшчэ адзін матч стартаўцаў з вэтэранамі Масквы. Калі ў першым паядынку ў сьветлай форме гулялі масквічы, а аршанцы ў чырвоных футболках і белых трусах, дык у другім паядынку стартаўцы выступілі ў белых кашулях і чорных трусах.
Старт Старт Старт

Уладзімер Губянкоў. Даведка

Невялічкая даведка пра брамніка аршанцаў пачатку 60-х. Паводле некаторых зьвестак, Губянкоў застаўся жыць у Баранавічах, але ці жывы ён цяпер і як далей павярнуўся ягоны лёс — пакуль невядома.

Губянкоў Уладзімер Андрэевіч (брамнік, 1.01.1936)

1959 — зборная Менскай вобласьці
1960 — з-д ім. Варашылава Менск,
             Ураджай Менск, Д2 чэмпіянату    СССР
1961 — Машынабудаўнік Ворша
1962 — Машынабудаўнік Ворша,
1964 — Машынабудаўнік Ворша,
1969 — Лякаматыў Баранавічы

У наступныя гады — судзьдзя.


На фота Ўладзімер Губянкоў у чорнай брамніцкай форме ў цэнтры
Малы са стэндарда

«Старт» — Ворша, «Тэмп» — Барань

Тое, што нам падаецца зразумелым і нават відавочным, не заўсёды ёсьць такім для іншых. Ня так даўно адзін футбольны дасьледнік удакладняў у нас дэталі старых табліц у спартовай прэсе і падаў ідэю — а чаму б не напісаць невялічкі тлумачальны тэкст на некалькі абзацаў, каб іншагароднія аматары футболу больш не задавалі пытаньня, за каго заўзелі ў Воршы найбольш. І сапраўды, трэба.

У старых даведніках і газэтах у табліцах, з падачы кагосьці ў Менску зрабілі «завядзёнку» — падпісваць і «Старт», і «Тэмп» як каманды з Воршы. Але насамрэч «Тэмп» толькі часам гуляў у Воршы ў 60-я, пакуль не адкрылі новы стадыён у Барані. Але прадстаўляла каманда заўсёды завод «Чырвоны Кастрычнік» і места Барань. «Старт» жа ад самага пачатку і па сёньня прадстаўляў і прадстаўляе Воршу.


Пытаньне, за каго заўзелі ў Воршы найбольш, мы неаднаразова ставілі людзям сталага ўзросту, якія добра памятаюць свае паходы на матчы ў 50-60-я гг. Адказ быў у стылі: «За „Старт“, канешне! За каго яшчэ?! Гэта наша, гарадзкая каманда, а „Тэмп“ быў самым любімым для бараньцаў». У Воршы за «Тэмп» таксама перажывалі, але тады, калі не гуляў «Старт». У дэрбі Аршаншчыны Ворша заўзела за «Старт», а Барань за «Тэмп». Былі ў Воршы аматары футболу, якія таксама езьдзілі ў Барань на матчы «Тэмпу», а ў Барані, адправедна, у Воршу на матчы «Старту».



Аднак падпісваць «Тэмп» як каманду з Воршы, безумоўна, няправільна. Накшталт таго, як жыхароў Савецкага Саюзу на Захадзе называлі «рускімі» — хаця многія зь іх былі беларусамі, туркмэнамі, азэрбайджанцамі, эстонцамі... Ці як валійцаў называць англічанамі. Абагульненьне, няграматнае і нятрапнае, асабліва для чалавека, які хацеў бы разьбірацца ў прадмеце лепей. Геаграфічная блізкасьць не падстава зьмешваць, паколькі Ворша і Барань не злучыліся ў адзін населены пункт нават па сёньня, кожны мае ўласную гісторыю, у тым ліку і футбольную.

Ня блытайце і падпісвайце правільна! Футбольныя даведнікі, праграмкі і газэты — важныя матэрыяльныя каштоўнасьці футбольнай гісторыі, але не заўсёды яны адлюстроўваюць ісьціну. Тут варта разумець, хто, што і адкуль пісаў. У аршанскім «Ленінскім прызыве» «Тэмп» ніколі не называлі «аршанцамі», а ў бараньскай газэце «Красный Октябрь» ніколі не пісалі пра «Старт» як пра сваю каманду. Нягледзячы на блізкасьць гарадоў, знаёмства футбалістаў і трэнэраў зь дзяцінства, яны заўсёды мелі канкрэтную прыналежнасьць да сваіх гарадоў, а таксама сваіх шанавальнікаў.

Дэрбі, згодна ўспамінаў старых заўзятараў, праходзілі востра, асабліва на полі. Але былі свае прынцыпы ў кіраўніцтваў заводаў, якія ўтрымлівалі калектывы, а таксама ў прыхільнікаў каманд, сярод якіх было нямала людзей, для якіх перамога сваіх была прынцыповай. Таму запомніце і ня блытайце, «Старт» — Ворша, «Тэмп» — Барань.
Брама стадыёна

Пра Івана Лагімахава: прага гульні і трагічная гібель

Леанід Барэйша ўзгадаў свайго былога партнэра па камандзе нападніка Івана Лагімахава.

Яшчэ адзін прадстаўнік "льнухінскай" школы, гуляў як у футбол, так і ў хакей зь мячом. А брат у яго баксэр, вяртаўся неяк са спаборніцтваў у Ленінградзе, забіўся на машыне. Сам Ваня выключна нападніка гуляў, ні на якую пазыцыю больш яго нельга было паставіць. І так зьбеглася, што якраз у мяне ў "Тэмпе" склаўся атакавальны дуэт зь Юрам Занько: ні аднаго, ні другога мяняць нельга было. Так Лагімахаў апынуўся на лаўцы запасных. Быў сьмешны выпадак зь ім, хлопцы распавядаюць, якія тады таксама былі ў запасе. Сядзіць ён на замене і пасоўваецца да Гурчанкова. Той адсоўваецца, а Лагімахаў зноў падсаджваецца бліжэй: "Васіліч, пастаў мяне гуляць! Васіліч, пастаў мяне гуляць!" Гурчанкоў ужо нават перасеў на іншы бок лаўкі, а Лагімахаў і там яго дастаў, усё паўтарылася зноў!


То бок чалавек гарэў, вельмі моцна жадаў гуляць. Шкада, не атрымлівалася ў яго прабіцца ў склад, вось калі б ён мог быць карысным у паўабароне... А баец быў, і ў хакей зь мячом гуляў без пытаньняў.



Іван Лагімахаў чацьвёрты справа ў сверхнім шэрагу. ЗШМ у 1959 годзе ў Полацку


Аднойчы Ваня прагуляўся ў карты ў аўтобусе, калі ехалі зь нейкай выправы. Падыйшоў да Гурчанкова і пачаў яго пхаць у бок, просячы паставіць на наступны матч. Васіліч ужо адмахваўся як мог: "Дай адпачыць, Ваня, пастаўлю я цябе, толькі адыйдзі!" Вось гэты агонь, вось гэтая прага!

Трагічна скончыў сваё жыцьцё, эх... Тэлевізар глядзелі з жонкай і, відаць, заслонку на печцы не закрылі... Згарэлі ў доме, у якім жылі. І сабака нават не забрахаў.


Яшчэ вясёлая гісторыя пра яго. Былі неяк на зборах, там амаль кожны дзень матчы. Лагімахаў забіў і хвілін пяць мог расказваць пра гэта потым у размовах! "Я увайшоў у штрафную, пайшла падача, я ацаніў абстаноўку, зірнуў на брамніка, зарыентаваўся і проста ў далёкі кут!" Мне неймаверна імпанавала ягонае жаданьне гуляць — а для трэнэра гэта проста знаходка! Як Ваня хацеў! Зноў жа даводзіцца шкадаваць, што трапіў ён пад канкурэнцыю і ў аснову не прабіўся.



Іван Лагімахаў першы справа ў ніжнім шэрагу